Гурт ROSY распачынае сваю гісторыю з 2001 года. На той час ROSY, абраўшы фольк-рок, канцэртавалі ў Польшчы (Пулавы). Але ў 2002 годзе дзейнасць гурта пайшла на спад. Прычына таму – вучоба, праца, войска.
У 2004 годзе ROSY аднавілі сваю дзейнасць у Менску, але ў новым складзе і ў новым стыле грання. Прыярэтэты зрушыліся ў бок блюз-року да меладычнай рок-музыкі. Удзельнікамі гурта на той час з’яўляліся: Ягор Касцюкоў і Віталь Чарняўскі (вакал, гітара), Анісаў Павел (бубны), Змышляеў Аляксей (бас). На жаль, жыццё не песціць падарункамі. Збіраліся ўсё радзей. У Пашы быў на той момант свой хард-рокавы гурт ”КАССА”, а Віталь адправіўся на працу ў Стоўбцы.
Здавалася, на гэтым існаванне гурта хутка скончыцца. Але наадварот – гэта распачынаўся новы этап. У Стоўбцах Віталь знаёміцца з мясцовымі музыкамі, а 13 траўня 2004 года пачалося новае жыццё гурта. Менавіта ў гэты дзень адбылася першая рэпетыцыя ў новым складзе. А першае выступленне, хоць і невялічкае – усяго 5 песень, прайшло 3 ліпеня 2004 года на стадыёне ў Стоўбцах.
Сёння ROSY – гэта Віталь Чарняўскі (вакал, гітара, флейта, вуснавы гармонік, а таксама тэксты і музыка песень), Ягор Касцюкоў (гітара, вакал, музыка песень), Ягор Дырда (баян, гітара), Цімур Васіленка (бас-гітара), Юрый Васіленка (бубны), Вадзім Дырда (клавішныя).
Трэба адзначыць, што ROSY не заўсёды былі ROSY. Калі змяніўся склад гурта, хлопцы вырашылі, што патрэбна новая назва. Спачатку гэта быў “Акцэнт”, потым “Carpe Diem”. Але новыя назвы не прыжыліся.
У красавіку 2006 года ROSY прымалі ўдзел у “Тузіне гітоў” з песняй “Сабакі”. Пераможцамі, на жаль, ня сталі, але гэта была добрая спроба заявіць пра сябе.
13 траўня 2004 года сабраўся першы склад музыкаў (Цімур, Ягор, Юра і Віталь), з якога і пачалося далейшае жыццё стаўбцоўскай каманды. Пазней да іх далучыўся Вадзім, а праз год і Ягор Касцюкоў.
3 ліпеня 2004 года адбыўся першы выступ (АКЦЭНТ) на гарадскім стадыёне.
23 красавіка 2005 года – першы сольны канцэрт у гарадскім Доме культуры (CARPE DIEM).
7-20 красавіка 2006 года – удзел у тузіне-гітоў (ROSY).
20 траўня 2006 года – другі сольны канцэрт у гарадскім Доме культуры (ROSY).
30 чэрвеня 2007 года – першы канцэрт у Менску (клуб "Графіці").
18 жніўня 2007 года – першы сольны канцэрт у Менску (клуб "Графіці").